СПЕКТР ВАГА́ННЯЎ,

сукупнасць гарманічных ваганняў (гармонік), на якія раскладаецца дадзены вагальны рух. У залежнасці ад прыроды вагальных працэсаў адрозніваюць спектры аптычныя, рэнтгенаўскія, мех. (напр., спектр гуку), эл.-магн. сігналаў. С.в. вывучаюцца метадамі спектраметрыі.

Матэматычна вагальны рух прадстаўляецца функцыяй у выглядзе Фур’е шэрагу (для перыяд. ваганняў) ці Фур’е інтэграла (для неперыяд. ваганняў). Чым больш зыходнае ваганне адрозніваецца ад гарманічнага, тым на большую сукупнасць гармонік (абертонаў) яно раскладаецца. Чысты тон — гук з перыядычнай формай хвалі — вылучаецца, напр., камертонам. Гукі, вылучаныя муз. інструментамі, разам з асн. тонам маюць і абертоны, якія надаюць асаблівую «афарбоўку» (тэмбр) гуку. Спектры радыёхваль радыё- і тэлепраграм маюць выгляд палос, цэнтр якіх вызначаецца нясучай частатой, а бакавыя частоты — перададзенай інфармацыяй.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)